Януковіч паабяцаў Барозу не ўводзіць надзвычайнае становішча ва Украіне
Украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч і кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу мелі тэлефонную гутарку.
"Прэзідэнт Януковіч сказаў, што ён не прадугледжвае ўвядзенне ва Украіне надзвычайнага становішча", — сказаў прадстаўнік Еўракамісіі Аліўе Баі.
Падчас размовы Барозу выказаў "глыбокую занепакоенасць развіццём сітуацыі, паведамленнем аб нападах на журналістаў і паведамленнямі аб зніклых людзях", інфармуе УНІАН.
Раней паведамлялася, што частка народных дэпутатаў Вярхоўнай Рады збіралі подпісы для правядзення пазачарговага паседжання з мэтай увядзення ва Украіне надзвычайнага становішча.
***
Нагадаем, у лістападзе 2013-га, напярэдадні віленскага саміту "Усходняга партнёрства", украінскі ўрад адмовіўся падпісваць дамову аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. У адказ на гэта пачаліся акцыі пратэсту прыхільнікаў еўраінтэграцыі. Цэнтрам супраціўлення стаў Майдан Незалежнасці ў Кіеве. У апошнія дні пратэсты радыкалізаваліся. Ёсць сотні пацярпелых з абодвух бакоў.