Януковіч заклікаў усе палітычныя сілы, уключна з апазіцыяй, да дыялогу
Украінскі прэзідэнт прапануе разам шукаць шляхі па выхаду краіны з крызісу ды адмовіцца ад ультыматумаў.
"Запрашаю прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў, святых айцоў, прадстаўнікоў грамадскасці да агульнанацыянальнага дыялогу. Я асабіста гатовы да ўдзелу ў такім круглым стале. Дзеля дасягнення кампрамісу заклікаю апазіцыю не адмаўляцца, не ісці дарогай супрацьстаяння і ультыматумаў", — гаворыцца ў заяве Віктара Януковіча, якая змешчаная на сайце кіраўніка Украіны.
У сераду ўкраінскі прэзідэнт зноў сустрэўся з кіраўніцай дыпламатыі ЕС Кэтрын Эштан, якая з аўторка знаходзіцца ў Кіеве. Ён яе запэўніў у сваім намеры мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў краіне, інфармуе УНІАН. Эштан заявіла, што Януковіч пераконваў яе: ён збіраецца падпісаць дамову аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Яна лічыць, што зрабіць гэта трэба як найхутчэй, бо гэта "ў інтарэсах Украіны".
Кэтрын Эштан адзначыла, што Віктар Януковіч мусіць спачатку вызваліць затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту ды пачаць дыялог з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і лідарамі апазіцыі.
Фота — AFP