З моманту запуску BelToll інспектары сабралі 12,7 мільёна еўра за парушэнні
І каля 600 тысяч еўра "парушальнікам" вярнулі, прызнаўшы памылку. Сабраныя грошы ідуць у дзяржбюджэт.
У першыя месяцы з сістэмай платных дарог BelToll былі вялікія праблемы. Многія не ўмелі карыстацца бартавымі прыладамі, памылкі падчас наладкі рабілі аператары і карыстальнікі. Але ж за год усе павінныя былі даведацца пра дарогі і навучыцца імі карыстацца?
"Людзі ўсё роўна спасылаюцца на тое, што не бачаць. Мясцовыя грузавікі вывучылі тонкасці: як карыстацца, як папаўняць рахунак. Усе гэтыя моманты ўжо пройдзеныя", — кажа намеснік начальніка ўпраўлення кантролю на платных дарогах Транспартнай інспекцыі Аляксандр Якшэвіч.
За месяц на платных дарогах зафіксавалі 110 тысяч парушэнняў
Калі год таму за дзень беларусы здзяйснялі каля 9 тысяч парушэнняў, то цяпер толькі 50, максімум 100. У асноўным на новых платных участках дарогі і праз несвоечасовую аплату. Цяпер пра парушэнні паведамляюць аператыўна, таму людзі не паспяваюць шмат наездзіць, як было раней. Замежнікі парушаюць больш — 200-300 разоў на дзень. Тут карціну псуюць... украінцы.
Аляксандр Якшэвіч: "У папярэднія некалькі месяцаў быў рэзкі рост парушэнняў украінцамі з Данецка і Луганска. Хутчэй за ўсё, яны ехалі ў Расію і да нас. Яны пакідалі Украіну, але чамусьці не бралі бартавыя прылады, хоць знакі і бігборды стаяць".
За жнівень на праездзе без аплаты трапілася каля 3 тысяч украінцаў. Прычым калі заходнія еўрапейцы адразу аплачваюць штрафы, то з жыхарамі Данбаса тут праблемы.
Аляксандр Якшэвіч: "Быў выпадак, калі адзін украінец кідаўся з нажом на інспектара. Нашыя інспектары сябе паводзяць максімальна карэктна, але выклікі міліцыі сталі нярэдкімі з прычыны патоку. Мы ж не ворагі, мы проста робім сваю працу".
За памылку прадаўца Beltoll славака аштрафавалі на 2150 еўра
Як даведалася Еўрарадыё, за перыяд крыху больш за год працы сістэма назбірала аплаты ў павялічаным памеры (па сутнасці, штрафаў) на 12,7 мільёна еўра. Праўда, пасля разбіральніцтваў каля 600 тысяч еўра аўтаўладальнікам вярнулі.
Аляксандр Якшэвіч: "Колькасць грашовых сродкаў, якія вяртаюць, расце. У нумарных знаках аператар, калі ўводзіў, мог зрабіць памылку. Напрыклад, замест лічбы 0 увёў літару О. Была сітуацыя, калі ў нумарны знак РФ было дапісана ў канцы "рус", а гэтага не трэба было рабіць".
Часта трапляюцца аўтамабілі з транзітнымі нумарамі. Людзі едуць па аўтамабіль за мяжу, потым гоняць яго ў Беларусь ці Расію, і тут засада. Не плаціць могуць толькі аўто з нумарамі краін Мытнага саюза да 3,5 тон.
І застаецца праблема з новымі аўтамабілямі. Калі вы купілі новае аўто, для праезду па платнай дарозе спатрэбіцца бартавая прылада. Але на новы аўтамабіль яшчэ няма тэхпашпарта, і выдаць прыладу нельга. Вось такі парадокс. Калі вы прыехалі з Брэста ў Мінск у аўтасалон, то адзіны законны спосаб прывезці аўто ў Брэст — гэта аўтавоз. Не вельмі зручна.
Першы дзень працы BelToll: Кіламетровыя чэргі на расійскай мяжы (відэа)
Аляксандр расказвае пра цікавы выпадак з уладальнікам цяжкага амерыканскага уседарожніка: такі ўжо павінен плаціць за праезд па дарогах. Уладальнік аўтамабіля замест квадратнага нумара паставіў звычайны доўгі і загнуў яго па краях.
Аляксандр Якшэвіч: "Загнуў нумарны знак усярэдзіну, а канцы засталіся тырчаць вонкі. Але сістэма робіць здымак не толькі спераду, але і збоку. Таму спачатку атрымалася разгледзець бакавыя лічбы на загнутай частцы. На другой рамцы быў бачны знак з іншага боку. Як толькі сістэма сабрала нумарны знак цалкам, то адразу сфармавала шэсць парушэнняў".
Фота: beltoll.by