З-за распаўсюду даных пра тысячы членаў камісій распачалі крымінальную справу

Члены камісій не хочуць, каб іх прозвішчы ведалі

Члены камісій не хочуць, каб іх прозвішчы ведалі / t.me/Loevkrai/

З-за распаўсюду даных пра тысячы членаў выбарчых камісій і назіральнікаў у Беларусі распачалі крымінальную справу. Артыкул — "Наўмысныя незаконныя збор, прадастаўленне інфармацыі аб прыватным жыцці і (ці) персанальных даных іншай асобы без яго згоды, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна" (ч. 1 арт. 203-1 КК). Сцвярджаецца, што "гэтыя дзеянні накіраваны на дэстабілізацыю дзеючага канстытуцыйнага ладу Беларусі", з'яўляюцца "замахам на суверэнітэт і грамадскую бяспеку краіны".

Спісы нядаўна атрымала і апублікавала ініцыятыва BELPOL. У іх больш за 10 тысяч членаў выбарчых камісій і назіральнікаў. Падкрэслівалася, што "ўсе яны былі прызначаны рэжымам яшчэ ў верасні 2024 года", да аб'яўлення даты прэзідэнцкіх выбараў.

Як вядома, у цяперашняе "электаральнае мерапрыемства" рэжым Лукашэнкі вырашыў не публікаваць прозвішчы членаў выбарчых камісій. BELPOL атрымаў прозвішчы толькі іх часткі. Паводле даных ЦВК, агулам у камісіях больш за 57 тысяч чалавек. 

"Ананімнасць не ўдасца захаваць нікому і за свае злачынствы па саўдзеле захопу ўлады ў краіне прыйдзецца адказаць усім", — заяўляе BELPOL.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.