За дзень ГУБАЗіК затрымліваў больш за 60 чалавек

Захопленая міліцыяй бел-чырвона-белая сімволіка / sb.by
Захопленая міліцыяй бел-чырвона-белая сімволіка / sb.by

Толькі за адзін дзень, 9 сакавіка, у Беларусі затрымлівалі ("адпрацавалі") больш за 60 чалавек. 21 з іх прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 5 — да крымінальнай. Затрыманні праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Падкрэсліваецца, што МУС "пасля тэракту ў Мачулішчах" выконвае даручэнне Аляксандра Лукашэнкі і "актывізавала працу ў дачыненні грамадзян, датычных да дзейнасці экстрэмісцкіх фармаванняў і тэрарыстычных арганізацый". Зразумела, што гаворка не пра "тэрарыстаў", а пра іншадумцаў. Прапагандысты, у тым ліку і з БЕЛТА, публікуюць фота і відэа з такіх затрыманняў, допытаў. Яны спрабуюць пераканаць сваіх чытачоў, што "затрыманні і ператрусы, якія адбываюцца цяпер па ўсёй краіне — гэта не кампанія застрашэння, не нагнятанне атмасферы страху, не тэрор дзеля тэрору".

Праваабаронцы паведамляюць, што сілавікі праводзяць ператрусы на лецішчах людзей, якіх раней затрымлівалі па палітычных матывах. У пятніцу гэта адбылося ў Палонцы ў Баранавіцкім раёне. Якраз на гэтай станцыі неаднаразова заўважалі расійскую тэхніку і вайскоўцаў з РФ.

26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50. Па версіі BYPOL, дыверсію здзейснілі беларускія партызаны. Улады ж заявілі пра затрыманне "ўкраінскага тэрарыста". Па крымінальнай справе, распачатай у РБ за "акт тэрарызму", праходзяць дзясяткі чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі