За тры месяцы 2015 года інфляцыя ў Беларусі склала амаль 5%
Хаця кошты на гародніну, мяса, птушку, масла і яйкі знізіліся.
У сакавіку 2015 года спажывецкія кошты на тавары і паслугі ў Беларусі выраслі ў параўнанні з лютым на 0,8%. Калі ж параўнаць са снежнем 2014-га, то рост коштаў складае 4,9%, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.
За сакавік кошты на харчовыя тавары выраслі на 0,5%. Найбольш падаражэлі алей (акрамя аліўкавага) — на 5,3%, рыба і морапрадукты — на 4,3%, бульба — на 3,8%, рыбныя кансервы — на 2,6%, крупы і бабовыя — на 2,5%, тытунёвыя вырабы — на 1,9%, садавіна — на 1,6%.
Зменшыліся кошты на гародніну — на 6,5%, мяса і птушку — на 2,6%, масла і яйкі — на 0,4%.
Цэны на нехарчовыя тавары ў сакавіку ў параўнанні з лютым павялічыліся на 1,3%. Больш за ўсё ў сакавіку падаражэлі медыкаменты (на 3,8%), бытавыя электратавары (на 3%), посуд, сталовыя прыборы (на 2,4%), абутак (на 2,1%), парфумна-касметычныя тавары, ровары і матацыклы (на 1,8%), тканіны, гадзіннікі (на 1,3%), будаўнічыя матэрыялы (на 1,2%).
Кошты і тарыфы на платныя паслугі за месяц павысіліся на 0,7%. Найбольш падаражэлі жыллёва-камунальныя паслугі — на 3,5%, паслугі культуры — на 4,1%, паслугі сувязі — на 2%, медычныя — на 1,1%.
Знізіліся тарыфы на авіятранспарт (на 6,7%), на міжнародную чыгуначную сувязь (на 14,8%), турыстычныя тарыфы (на 3,8%).
Мэтавы арыенцір інфляцыі ў 2015 годзе Нацбанк вызначыў на ўзроўні 18% з дапушчальным адхіленнем у 2%.
Фота — telegraf.by