ЗША знялі санкцыі з яшчэ адной беларускай кампаніі
Злучаныя Штаты Амерыкі вырашылі не працягваць санкцыі ў дачыненні да Беларускага оптыка-механічнага аб’яднання.
Нагадаем, нядаўна былі спыненыя санкцыі ў дачыненні да "Белтэхэкспарту". Цяпер прыйшла чарга яшчэ адной кампаніі.
БелаПАН нагадвае, што санкцыі дзейнічалі ад траўня 2011 года. Як вынікала з паведамлення на сайце Дзярждэпу, падставай для ўвядзення санкцыяў стала “надзейная інфармацыя”, што гэтыя кампаніі перадавалі ў Іран, Паўночную Карэю ці Сірыю, або атрымлівалі ад гэтых краін “абсталяванне і тэхналогію, пазначаную ў спісах кантролю за шматбаковым экспартам, <…> або іншым чынам мелі магчымасць зрабіць матэрыяльны ўнёсак у зброю масавага знішчэння або сістэмы крылатых і балістычных ракет”.
Сутнасць санкцыяў у тым, што ўрадавыя ведамствы ЗША цягам двух гадоў не маглі набываць у згаданых кампаній або пастаўляць ім тавары і паслугі, а таксама падтрымліваць іх.