Звесткі пра апастыль дыплома сталі ўносіць у характарыстыкі бюджэтнікаў — СМІ
Дыплом, ілюстрацыйнае фота
У характарыстыкі бюджэтнікаў у Беларусі сталі дадаваць інфармацыю пра наяўнасць апастылю дыплома, піша "Наша Ніва". Людзі, якія з гэтым сутыкнуліся, кажуць журналістам, што такая інфармацыя ўскладняе кар'ерны рост.
"Характарыстыка" знаходзіцца ў асабістай справе работніка дзяржустановы ў аддзеле кадраў. Інфармацыю пра апастыль дыплома на прадпрыемствы, верагодна, перадае Міністэрства адукацыі.
"Прынамсі мой аддзел кадраў даведаўся аб апастыляванні без інфармавання з майго боку. Пенсіянер-кадэбіст, якога паставілі начальнікам ідэалогіі і кадраў, правёў са мной кшталту "прафілактычнай размовы" на прадмет таго, куды я намыліўся, што мне не падабаецца, і гэтак далей. Таксама далі зразумець, што работнік, які не плануе звязваць жыццё з Беларуссю — пра што ім кажа факт апастылявання, — не будзе прасоўвацца па кар'ернай лесвіцы", — дзеліцца падрабязнасцямі з "Нашай Нівай" супрацоўнік дзяржпрадпрыемства.
Пра гэта сведчаць і медыкі, якія зрабілі апастыль дыпломаў, але працуюць у Беларусі. Для іх наяўнасць апастыля стала негатыўным фактарам. Адзін з медыкаў дзяржаўнай бальніцы расказаў, што яму прыгразілі больш складанымі ўмовамі працы пры нават тэарэтычным намеры пакінуць Беларусь: "Будуць прыярытэтна размяркоўваць на тыя змены, якія лічацца складанымі і ў звычайным парадку бяруцца па чарзе ўсімі супрацоўнікамі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.