Акцыя грузаперавозчыкаў на плошчы Незалежнасці не адбылася (фота)
Яны хацелі запісаць каля Дома ўраду відэазварот да кіраўніка Беларусі. Аднак арганізатара — бізнесмена Сяргея Штоду — учора затрымалі.
Акцыя грузаперавозчыкаў, запланаваная на раніцу 4 лютага, каля Дома ўраду ў Мінску не адбылася. Нагадаем, яны лічаць, што ўлады ўвялі сістэму BelToll без належнай падрыхтоўкі і прынеслі прыватным грузаперавозчыкам страты на дзясяткі тысяч еўра. Грузаперавозчыкі хацелі запісаць відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі, бо перакананыя, што толькі ён можа змяніць сітуацыю.
Аднак учора стала вядома пра затрыманне арганізатара акцыі дырэктара фірмы грузаперавозак Сяргея Штоды. У аўторак ён пайшоў на перамовы з віцэ-прэм'ерам Васілём Мацюшэўскім, каб паспрабаваць вырашыць праблему. І знік. Пазней стала вядома, што яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за "нецэнзурную лаянку".
Грузаперавозчыкі: Ля Дома Ураду запішам відэазварот да Лукашэнкі
Прадказальна, што пасля "нейтралізацыі" Штоды акцыя не адбылася. Праўда, раніцай 4 лютага плошча Незалежнасці была ачэпленая міліцыянерамі і супрацоўнікамі спецслужбаў, каля Дома ўраду былі заўважаныя аўтобусы са спецназам. Аднак ніхто з грузаперавозчыкаў не прыйшоў.
Нагадаем, у Беларусі сістэма платных дарог BelToll з'явілася ў жніўні 2013-га. Спачатку многія не ведалі, як ёй карыстацца. За першы месяц колькасць парушэнняў была вялізнай. Больш падрабязна гл. тут.
Фота: ria.ru, svaboda.org, nn.by