Аляксандр Лукашэнка на вулічны малебен не прыйшоў (відэа)
Разам з тым, ён павіншаваў праваслаўных хрысціян Беларусі з 1025-годдзем Хрышчэння Русі, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
У Мінску ў хросным ходзе і малебне з нагоды юбілею хрышчэння ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
Малебен з удзелам патрыярха Маскоўскага Кірыла, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, прадстаўнікоў памесных цэркваў і беларускага духавенства прайшоў у панядзелак на мінскім Замчышчы. Аляксандр Лукашэнка, якога тут чакалі, на ўрачыстасці не прыйшоў, адзначае Радыё "Свабода".
Дзве гадзіны над Замчышчам гучалі малітвы па-расійску, па-стараславянску і па-грэцку. Ніводнай беларускамоўнай малітвы ці выступу не прагучала.
Паводле міліцыі, на ўрачыстасці сабралося каля 50 тысяч паломнікаў. Сведкі кажуць, што іх было не болей за 30 тысяч.
Фота — svaboda.org, nn.by