Амбасадар РФ пагадзіўся з Лукашэнкам: Расійская ваенная база не патрэбная
Амбасадар Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч пракаментаваў журналістам заяву Аляксандра Лукашэнкі, што ваенная база РФ не патрэбная. Паводле дыпламата, узброеныя сілы Расіі і Беларусі маюць неабходныя магчымасці для адбіцця любой агрэсіі, таму рабіць дадатковыя крокі не трэба, перадае ТАСС.
Пры гэтым Бабіч адзначае, што калі сітуацыя будзе мяняцца, то кіраўнікі дзвюх краінаў знойдуць рашэнне “і такія магчымасці мы маем”.
Раней прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў адмовіўся каментаваць выказванні Лукашэнкі, бо не ведаў “які кантэкст у гэтай фразы”.
Сёння, 6 лістапада Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў ЗША і заявіў ім, што праблема расійскай базы на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца надуманай. “Мы гэтую базу не размяшчаем тут не таму, што мы хочам вам або некаму паказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. Мы яе не размяшчаем, бо яна тут не патрэбная”, — сказаў Лукашэнка.