Беларуская Праваслаўная Царква просіць у Масквы самакіраванне
Пра гэта заявіў агульны сход епархій Мінскай мітраполіі. Такога не было за ўсе гады незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Агульны сход епархій Мінскай мітраполіі, які прайшоў у Мінску 16 снежня, заявіў пра жаданне Беларускай Праваслаўнай Царквы атрымаць самакіраванне.
У 19-м пункце пастановы, змешчанай на афіцыйным партале БПЦ, гаворыцца: "Прасіць мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі хадайнічаць перад Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсёй Русі Кірылам і Свяшчэнным Сінодам аб прадастаўленні Беларускай Праваслаўнай Царкве статуса самакіраванай Царквы ў складзе Маскоўскага Патрыярхата на ўзор Латвіі, Малдовы і Эстоніі".
Святар Аляксандр Шрамко распавёў у інтэрв'ю "Нашай ніве", што "як толькі [мітрапаліт] Павел узгадаў гэта, то пачуліся апладысменты. Відаць, такія настроі даўно жывуць у сэрцах людзей. Гэта не таму, што мы супраць Масквы, супраць РПЦ, БПЦ будзе заставацца пад амафорам РПЦ".
Падобных просьбаў БПЦ Масква не атрымлівала на працягу ўсяго часу існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь. Самакіраванне дае магчымасць самастойна выбіраць кіраўніка Царквы і вырашаць большасць пытанняў без дазволу Сіноду ў Маскве.
Нагадаем, мітрапаліт Разанскі Павел быў прызначаны кіраўніком БПЦ Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы ў канцы 2013 года. Яго папярэднік мітрапаліт Філарэт пайшоў на пенсію.
Мітрапаліт Павел не адмаўляецца ад планаў вывучыць беларускую мову