Чым пагражае Беларусі развіццё інфраструктуры NATO каля нашых межаў

Некалькі месяцаў таму ў Балгарыі, Румыніі, Эстоніі, Латвіі, Літве і Польшчы пачалі стварацца мультынацыянальныя камандна-кантрольныя пункты NATO. 13 красавіка на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам генеральны сакратар Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) Мікалай Бардзюжа заявіў, што ён занепакоены фарміраваннем такіх структур. На яго думку, гэта стварэнне інфраструктуры для вядзення баявых дзеянняў, паведамляе БелТА.

“Такая інфраструктура, вядома, можа быць выкарыстаная дваяк, бо тое, што можа быць абаронай, можа стаць апераджальным прэвентыўным ударам”, — каментуе стварэнне інфраструктуры NATO беларускі ваенны эксперт Аляксандр Алесін.

Аляксандр Алесін

На яго думку, такое разгортванне каля межаў Расіі сапраўды стварае дадатковую напружанасць і павышае ступень вайсковай небяспекі. На гэта АДКБ, хутчэй за ўсё, прыме меры ў адказ.

“Цалкам верагодна, што ў Калінінградскай вобласці з’явяцца “Эскандэры”. Таксама магчыма, што яны з’явяцца і ў Беларусі. Узмоцніцца расійская вайсковая прысутнасць. З’явіцца вайсковая база ў Бабруйску, дзе размесцяцца дадатковыя сілы расійскай авіяцыі. Павысіцца колькасць вучэнняў”.

Эксперт па пытаннях бяспекі Інстытута міжнародных спраў Польшчы Ганна Марыя Дынер адзначае, што NATO працягвае прытрымлівацца менавіта абарончай дактрыны.

“Гэтыя элементы супрацьракетнай, абараняльнай інфраструктуры не створаныя для нападзення, а служаць для абароны. І гэта першае, пра што клапоцяцца краіны NATO і Польшча ў тым ліку”.

Ганна Марыя Дынер

Таму будаўніцтва вайсковай інфраструктуры побач з нашымі межамі ні ў якім выпадку не накіравана супраць Беларусі, дадае Дынер. А градус напружанасці паміж краінамі NATO і АДКБ павышае пазіцыя Крамля.

“Калі я чую гэтыя заявы кіраўніка АДКБ, мне здаецца, што гэта меркаванне Расіі, але не да канца меркаванне Беларусі. Бо дагэтуль супрацоўніцтва Мінска і NATO заўжды было добрым. І гэта падкрэсліваюць усе вайскоўцы. Так, напрыклад, падчас вучэнняў “Шчыт саюза” ці “Захад” за імі маглі бесперашкодна назіраць прадстаўнікі краін NATO, згодна з Венскай канвенцыяй”.

Аляксандр Алесін мяркуе, што актыўнае развіццё вайсковай інфраструктуры NATO можна расцэньваць як падрыхтоўку да вайны, але адначасова з гэтым дадае, што такія дзеянні з’яўляюцца прэвентыўнымі, так званым “абазначэннем чырвонай рысы”.

І калі ва ўкраінскі канфлікт не ўмяшаецца трэці бок, Крэмль не стане далей абвастраць сітуацыю, нягледзячы на тое, што адтуль пастаянна чуваць ваяўнічыя заявы.

“Расія ўсё ж не СССР, і столькі рэсурсаў яна не мае. А ва ўмовах эканамічнага крызісу і санкцыяў Захаду Крэмль будзе старацца захаваць статус кво, спрабаваць асвойваць тое, што ён ужо адкусіў”, — кажа Алесін.

Ганна Марыя Дынер дадае, што ні Расія, ні тым больш NATO не пачнуць вайну, але ў бліжэйшыя часы мы можам стаць сведкамі гонкі ўзбраенняў. 

Фота: kariuomene.kam.lt, belprauda.org, pism.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі