Ціханоўская пракаментавала затрыманні і суды за данаты ў Беларусі

Акцыя салідарнасці ў Мінску, 2020 год

Акцыя салідарнасці ў Мінску, 2020 год / Euroradio

Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала затрыманні і суды за данаты ў Беларусі. Яна запісала кароткі відэазварот да беларусаў, якія дапамагаюць адзін аднаму, нягледзячы на хвалю рэпрэсій, што праводзіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

"Яшчэ ўчора вы везлі лекарам маскі з пальчаткамі і адкопвалі вуліцы пасля Хаўера — і былі героямі, — кажа Ціханоўская. — А сёння вы ўжо "экстрэмісты". І ўсё роўна, што ваш данат дапамог бабулі, хвораму на анкалогію ці дзецям палітвязняў".

Святлана Ціханоўская спадзяецца, што рэпрэсіі не спыняць салідарнасць, дапамогу адзін аднаму.

"Я ўпэўнена: вы працягнеце дапамагаць, — кажа кіраўніца Кабінета. — Але вельмі прашу: робячы дабро, беражыце сябе. Паклапаціцеся пра бяспеку, выконвайце меры засцярогі. І памятайце: няма такога закона, які б зрабіў беларусаў абыякавымі!"

У Беларусі працягваюцца суды за данаты. Нядаўна палітвязню Андрэю Савінскаму прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі за ахвяраванне ў памеры $50. Таксама ад людзей, якіх сілавікі злавілі на данатах "экстрэмістам", патрабуюць заплаціць "адкупныя". Праўда, гэта не заўсёды выратоўвае ад крымінальнай справы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі