Хакеіст пра Хэнлана: Ён можа паднесці гульцу амуніцыю, сустрэць з цягніка

У панядзелак 17 чэрвеня стала канчаткова вядома пра вяртанне Глена Хэнлана на трэнерскую пасаду ў нашай хакейнай зборнай.

“Кантракт падпісаны на два гады з правам пралангацыі яшчэ на год", — паведамляе дэталі прызначэння Яўген Ворсін, старшыня Беларускай федэрацыі хакея.

Еўрарадыё: Праходзіла інфармацыя, што зарплата ў Хэнлана будзе такой жа, як у Скабелкі. Гэта праўда?

Яўген Ворсін: Заробак у Хэнлана будзе іншы. Інфармацыя пра гэта — заўжды камерцыйная таямніца. Скабелка працаваў у нас паводле кантракта, сумяшчаючы сваю працу з пасадай галоўнага трэнера ХК “Гомель”. Хэнлан падпісаны выключна на зборную каманду.

Еўрарадыё: Як доўга канадскі трэнер павінен знаходзіцца ў Беларусі?

Яўген Ворсін: Гэта пытанне абумоўлена ў кантракце: не менш за 200 дзён цягам года.

Такім чынам, увесь спадзеў на добры вынік чэмпіянату свету-2014 усклалі на Глена Хэнлана. Але ці зможа канадзец апраўдаць чаканні? Яго апошні сур’ёзны поспех здарыўся ў 2006 годзе: зборная Беларусі ўзяла 6-е месца на чэмпіянаце свету. А ў мінулым сезоне Хэнлан трэніраваў усяго толькі юніёрскую каманду ў Ванкуверы.

“Асабіста я быў за тое, каб застаўся Скабелка. Адзін год — гэта быў кароткі тэрмін, каб асвоіцца на цяжкай пасадзе і зразумець, што рабіць. Але калі ўжо Хэнлан, у гэтым ёсць свае плюсы, — разважае хакейны эксперт, галоўны рэдактар газеты “Прессбол” Уладзімір Беражкоў. — У яго бываюць добрыя ўрыўкі, ён добры матыватар, ніхто не сумняваецца ў яго добрай кваліфікацыі трэнера кароткіх дыстанцый. Цалкам верагодна, што на нейкі канкрэтны турнір ён можа добра настроіць каманду. Але нельга спадзявацца, што Хэнлан выратуе ўсю беларускую хакейную сістэму. Усё роўна падрыхтоўка рэзерву, падрыхтоўка гульцоў, рэформы нацыянальнага чэмпіянату і мінскага “Дынама” — гэта не яго задача, а наша справа. За нас ён гэту працу не выканае”.

Глен Хэнлан узначальваў беларускую зборную у 2005, 2006 і 2009 гадах.Менавіта пры ім зборная выглядала найбольш агрэсіўнай у атацы і пёрла супраць “памяркоўных” беларускіх стэрэатыпаў.

Калі канадзец правёў першыя трэніроўкі з камандай, нашы хакеісты былі ў нейкім сэнсе шакіраваны яго падыходамі.

“Мы настолькі здзівіліся, што знаходзіліся ў прастрацыі! Настолькі ён нас паважаў як людзей, не адмяжоўваў ад сябе, — узгадвае гулец зборнай Беларусі тых часоў Дзмітрый Дудзік. — Ён мог нават амуніцыю гульцам паднесці. Распавяду пра адзін выпадак. У адной з таварыскіх гульняў перад чэмпіянатам свету Аляксей Угараў атрымаў страсенне мазгоў. Яго ў Мінск адправілі цягніком, па медыцынскіх паказаннях, каб не трэсціся ў аўтобусе. Дык вось Хэнлан асабіста раніцай прыехаў на вакзал, каб сустрэць Угарава. Вось такі чалавек. Лічу, што калі не ўдавацца ў размоўныя гульні пра дзіцячы хакей і іншае, што не робіцца, то прызначэнне Глена Хэнлана — гэта аптымальны варыянт. Я веру, што да наступнага чэмпіянату свету вынік будзе”.

Галкіпер Дзмітрый Мільчакоў, сённяшні ўдзельнік зборнай Беларусі, перакананы, што самая карысная для каманды рэч — даць любому кваліфікаванаму спецыялісту папрацаваць з ёй хаця б больш за год. І, магчыма, кандыдатура канадца для гэтага някепска падыходзіць.

Дзмітрый Мільчакоў: “Я чуў, што Глен — добры трэнер і чалавек, можа стварыць добрую атмасферу ў калектыве. Я, як і іншыя, спадзяюся на лепшае”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі