Карэл Шварцэнберг: Сёння Беларусі больш бяспечна быць з Захадам (відэа)

Старшыня камітэта па замежных справах парламента Чэхіі, былы міністр замежных спраў і кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Вацлава Гавэла Карэл Шварцэнберг прыняў удзел у мерапрыемствах у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, якія праходзяць у Мінску. Еўрарадыё сустрэлася з вядомым палітыкам у галерэі “Ў” напярэдадні яго публічнай лекцыі.

Еўрарадыё: Спадар Шварцэнберг, як і калі ў Чэхіі адмянялі смяротнае пакаранне?

Карэл Шварцэнберг: Смяротнае пакаранне ў нас было адмененае пасля 1990 года, пасля перавароту. І з таго часу ў нас быў заведзены спіс асноўных правоў і свабод чалавека. І калі я не памыляюся, апошняе смяротнае пакаранне было ў нас прымененае ў 1989 годзе.

Еўрарадыё: Ці было гатовае грамадства да гэтага кроку, або гэта быў загад зверху?

Карэл Шварцэнберг: Такое рашэнне прыняў новы парламент, абраны дэмакратычным шляхам, і гэта пацвердзіў прэзідэнт.

Еўрарадыё: Як цяпер у Чэхіі людзі ставяцца да смяротнага пакарання, калі, напрыклад, здараюцца гучныя злачынствы? Ці няма настрояў, каб вярнуць такую кару?

Карэл Шварцэнберг: Зразумела, калі адбудзецца нейкае жорсткае злачынства, калі будзе забіта дзіця або жанчына, то знаходзяцца людзі, якія выказваюцца за смяротнае пакаранне. Але большая частка грамадства ведае, што гэта шлях у пекла. У ХХ стагоддзі мы ўжо дастаткова насыціліся пакараннямі смерцю.

Еўрарадыё: У Беларусі неадназначна ставяцца да пакарання смерцю. Шмат хто выступае за яго прымяненне. Якія могуць быць пераканаўчыя аргументы супраць яго?

Карэл Шварцэнберг: Па-першае, гэта права на жыццё кожнага чалавека. Па-другое, магчымасць злоўжывання смяротным пакараннем, чаго было шмат у ХХ стагоддзі, і, па-трэцяе, заўсёды існуе магчымасць судовай памылкі, што таксама часта здараецца. Я павінен сказаць, што часам неабходна абараняць правы чалавека ад большасці. У ХХ стагоддзі здараліся такія выпадкі, калі большасць людзей была за нечалавечыя крокі, і на шчасце знаходзіліся адзінкі, якія выступалі супраць іх.

Еўрарадыё: Ці не падаецца Вам, што існуе такая палітыка двайных стандартаў: напрыклад, у ЗША ёсць смяротнае пакаранне, а ЕС хоча, каб гэтага не было ў Беларусі.

Карэл Шварцэнберг: Шматлікія палітыкі выступаюць супраць смяротнага пакарання і ў ЗША. Мы ж хочам, каб яно было адмененае паўсюль. Што тычыцца Беларусі, то тут няма ціску. Зразумела, што мы хочам, каб у кожнай еўрапейскай краіне гэтага віду пакарання не існавала.

Еўрарадыё: Як на сённяшні дзень у Чэхіі ўспрымаюць падзеі ва Украіне? Склалася ўражанне, што многія чэхі падтрымліваюць пазіцыю Расіі.

Карэл Шварцэнберг: Калі акупаваная частка суседняй краіны, і калі ў ёй ваююць людзі, то па ўсіх вызначэннях гэта вайна. Паводле даследаванняў, большая частка насельніцтва Чэхіі падтрымлівае Украіну па гэтым пытанні. Аднак існуе меншасць, якая, на жаль, падтрымлівае Расію. Гэта моцная меншасць, якая ўключае нават вельмі ўплывовых людзей.

Еўрарадыё: Вы выступалі за тое, каб краіны ЕС дапамаглі Украіне зброяй…

Карэл Шварцэнберг: Калі адзін бок канфлікту ўзброены найлепшымі расійскімі сродкамі, калі яны свабодна пастаўляюцца праз мяжу, а ў другога боку, у Украіны, усё вельмі састарэлае, то вельмі лагічна падтрымаць іх сучаснай зброяй. Зразумела, існуюць розныя погляды на гэта пытанне, але, мне здаецца, трэба дапамагаць тым, хто стаў ахвярай, а не тым, хто нападае.

Еўрарадыё: Як, на Ваш погляд, увогуле можа вырашыцца сітуацыя ва Украіне і калі?

Карэл Шварцэнберг: Канфлікт мог бы быць вырашаным, калі б Расія адмовілася ад сваіх прэтэнзій, але гэтага не здарыцца. Таму я, на жаль, не бачу вырашэння гэтага канфлікту ў бліжэйшым часе. Я думаю, што ён будзе працягвацца яшчэ доўга і доўга.

Еўрарадыё: Сёння Вы сустракаліся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Калі не сакрэт, пра што была размова?

Карэл Шварцэнберг: Мы размаўлялі пра адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, пра тое, якія праблемы існуюць, таму што Беларусь — таксама частка Еўропы, таксама еўрапейская краіна.

Еўрарадыё: Ці не падалося вам, што ва ўмовах канфлікту ва Украіне, а таксама з улікам будучых прэзідэнцкіх выбараў, беларускія ўлады зноў гатовыя пераарыентавацца ў бок Захаду?

Карэл Шварцэнберг: Беларусь заўсёды адначасова глядзела і на Захад, і на Усход і шукала, дзе будзе больш бяспечна для яе. Я мяркую, што на сённяшні дзень больш бяспечна на Захадзе.

Еўрарадыё: Вы былі ў Беларусі ў 2009 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, у наступным годзе ў нас чарговыя выбары кіраўніка краіны. На ваш погляд, ці змянілася наша краіна за гэтыя 5 гадоў і ў які бок?

Карэл Шварцэнберг: Мой візіт сюды занадта кароткі, каб я заўважыў нейкія вялікія змены. Але я спадзяюся, што пасля наступных выбараў не паўтарыцца сітуацыя, калі былыя кандыдаты ў прэзідэнты трапляюць у турму.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, што чакае Лукашэнку ў наступным годзе?

Карэл Шварцэнберг: Так як і заўсёды гэта адбываецца — такая самая перамога.

Еўрарадыё: Сваю прэзідэнцкую кампанію вы праводзілі вельмі неардынарна. Можа, вы параіце нешта беларускім апазіцыйным лідарам?

Карэл Шварцэнберг: Мне цяжка што-небудзь параіць беларускім кандыдатам, таму што ў нас выбары праходзілі ў вельмі адрознай сітуацыі. У нас былі свабодныя выбары, кандыдаты мелі доступ да розных СМІ, зусім іншыя магчымасці кантактаваць з выбаршчыкамі і гэтак далей. Таму нельга параўноўваць.

Еўрарадыё: Многія ў Беларусі пачалі думаць, што Лукашэнка — залог незалежнасці Беларусі. Маўляў, як толькі яго не стане, Расія разыграе ў нас украінскі сцэнарый…

Карэл Шварцэнберг: Спачатку трэба вызначыць, што такое незалежнасць увогуле!

Еўрарадыё: Напрыклад, незалежнасць ад Расіі!

Карэл Шварцэнберг: А вы цяпер незалежныя?

Еўрарадыё: У пэўнай ступені, так. У нас свае грошы, свае школы, размаўляю з вамі па-беларуску… Калі глядзець на эканоміку і палітыку, то тут складаней. Але і Чэхія ў пэўнай ступені залежная ад Расіі…

Карэл Шварцэнберг: Чэхія не залежыць так моцна ад аднаго суседа, як Беларусь ад Расіі — менавіта гэта ключавы момант. Калі існуе шмат дзяржаў, ад якіх краіна залежыць ў эканамічным плане, тады яна менш залежная, чым калі існуе толькі адна такая дзяржава. І калі б Беларусь была больш залежная ад Еўрасаюза ў эканамічным плане — гэты было б лепш.

Даведка: Карэл Шварцэнберг нарадзіўся ў 1937 годзе ў чэшскай арыстакратычнай сям'і, якая эмігравала ў Аўстрыю пасля камуністычнага перавароту ў 1948 годзе. У 1984-1991 гг. — прэзідэнт Міжнароднай Хельсінскай федэрацыі па правах чалавека. У пачатку 1990-х займаў пасаду кіраўніка канцылярыі прэзідэнта Вацлава Гавэла. У 2007-2009 гг. і паўторна ў 2010-2013 гг. — міністр замежных спраў Чэхіі і першы намеснік прэм'ер-міністра. У 2013 годзе быў кандыдатам на пасаду прэзідэнта, выбыў у другім коле, набраўшы 45,19% галасоў. У цяперашні час — старшыня Камітэта па замежных справах чэшскага парламента, а таксама старшыня чэшскай ліберальна-кансерватыўнай палітычнай партыі ТОР 09.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі