Кізіма: Беларусь хочуць адарваць ад Расіі, каб яна падала заяўку ў NATO
У чацвер у Вільні на форуме Bў-ROOM прайшла дыскусія "Беларусь і ЕС: Ці ёсць шанц выйсці з замкнёнага кола?", арганізаваная "Ліберальным клубам".
Адзін з яе ўдзельнікаў — доктар паліталагічных навук Сяргей Кізіма (на здымку). Пазней у жывым эфіры Еўрарадыё ён выклаў сваю пазіцыю ў справе беларускіх палітвязняў.
Паводле Кізімы, ЕС выкарыстоўвае двайныя стандарты з адносінах Беларусі. Ён звярнуў увагу на тое, што калі ў Грузіі былі 180 прызнаных палітвязняў, ЕС меў стасункі з гэтай краінай, нібыта, там была "сапраўдная дэмакратыя". А вось у Беларусі "прыдумалі" палітзняволеных і Еўрасаюз абмяжоўвае кантакты з уладамі нашай краіны.
Сяргей Кізіма лічыць, што гэта — "дыскрымінацыя Беларусі". Паводле яго слоў, калі Беларусь выбрала іншы шлях інтэграцыі — саюзны, еўразійскі, не з Еўрасаюзам, то на яе ціснуць, "каб прымусіць разарваць адносіны з Расіяй, каб мы замест АДКБ падалі заяўку ў NATO, адчынілі амерыканскія базы". Таму "для сваіх магчыма ўсё, для тых, каго Захад не любіць, уводзяцца санкцыі", сказаў Сяргей Кізіма ў жывым эфіры Еўрарадыё.
Паводле слоў Кізімы, раўнапраўны дыялог Беларусі і ЕС мог бы пачацца ў выпадку спынення згаданай "дыскрымінацыі".
"Гэта не ЕС "прыдумаў" палітзняволеных, а ўлады Беларусі стварылі гэтую праблему, — кажа ў жывым эфіры Еўрарадыё старшыня БХК Алег Гулак. — І яна існуе ў нашай краіне на працягу апошніх 15 гадоў". Гулак нагадаў, што на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 10 палітычных вязняў.
Фота — ctv.by