Колькасць ахвяраў землятрусу ў Непале дасягнула 4310 чалавек
Каля 8 тысяч чалавек атрымалі раненні.
У Непале расце колькасць ахвяраў магутнага землятрусу, які адбыўся раніцай у суботу, 25 красавіка. Загінулых ужо 4310 чалавек, параненых — 7853 чалавекі. Тысячы будынкаў былі разбураныя, завалы яшчэ разбіраюць. Пра гэта паведамляе міністэрства ўнутраных спраў гэтай краіны.
Як паведамляла Еўрарадыё, першы землятрус быў з магнітудай 7,9. У нядзелю зноў былі зафіксаваныя падземныя штуршкі, самы магутны з якіх меў магнітуду 6,7. У бліжэйшыя дні чакаюцца залевы, сітуацыя ў краіне стане яшчэ больш складанай.
Арганізацыя аб'яднаных нацый заявіла, што ў Непале парушанае жыццё больш за 8 млн чалавек па ўсёй краіне, каля 1 млн 400 тысяч чалавек маюць патрэбу ў дапамозе харчаваннем. З усяго свету ў Непал паступае дапамога, прыязджаюць медыкі і ратавальнікі.
Альпініст зняў відэа, як яго засыпае снежнай лавінай у Непале
Беларускі блогер і журналіст распавёў у Фэйсбуку пра землятрус у Непале
Фота: Reuters, AFP