Кожны чацвёрты беларус гатовы супраціўляцца ў выпадку агрэсіі Расіі ці NATO
Пра гэта сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання грамадскай думкі, праведзенага ў верасні сацыёлагамі з НІСЭПД.
Калі б Расія ўзброеным шляхам паспрабавала далучыць да сябе ўсю тэрыторыю Беларусі або яе частку, то амаль 26% беларусаў пайшлі ваяваць са зброяй у руках. Адказваючы на аналагічнае пытанне ў чэрвені, толькі 14% беларусаў адказалі, што супраціўляліся б са зброяй у руках, у той час як 47% імкнуліся б прыстасавацца да новай сітуацыі, а 16% віталі б падобныя змены.
У верасні зменшылася колькасць тых, хто лічыць, што ён прыстасоўваўся б да новай сітуацыі (40%), і колькасць тых, хто вітаў бы такія змены (13%). Колькасць тых, хто вырашыў бы змагацца са зброяй у руках, вырасла ўдвая, адзначае Радыё Свабода.
Адказваючы на пытанне "Калі б краіны NATO паспрабавалі ўзброеным шляхам змяніць палітыку Беларусі, як бы Вы дзейнічалі?", 26% рэспандэнтаў сказалі, што змагаліся б са зброяй у руках, 40% імкнуліся б прыстасавацца да новай сітуацыі, у той жа час каля 10 працэнтаў віталі б такія змены.
Як выявіла апытанне, беларусы ў большасці супраць далучэння Беларусі да NATO і супраць размяшчэння на тэрыторыі краіны расійскіх авіябазаў.
Фота — bymedia.net