Назіральнікам на "выбарах" у Беларусі быў літовец, абвешчаны ў вышук
Эдзікас Ягелавічус быў назіральнікам на "выбарах" у Беларусі
На "выбарах" у Беларусі заўважылі літоўскага палітыка Эдзікаса Ягелавічуса, абвешчанага на радзіме ў вышук.
Дзяржаўныя СМІ называлі яго "незалежным міжнародным назіральнікам". Увечары асноўнага дня галасавання дзяржагенцтва БЕЛТА цытавала яго выказванні пра "вельмі дэмакратычны" працэс выбараў у краіне і "атмасферу свята".
"Такога я нідзе не бачыў. У Літве ты проста прыходзіш і апускаеш бюлетэнь у скрыню. На ўчастку не грае музыка, ніякія артысты не танчаць і не спяваюць, буфеты не працуюць", — прыводжзіла дзяржпрапаганда словы Ягелавічуса.
Як піша LRT, ад сакавіка 2023-га Ягелавічус з'яўляецца кіраўніком зарэгістраванай у Беларусі грамадскай арганізацыі "Міжнародны форум Добрасуседства". У нашу краіну ён пераехаў пасля візіту на ўкраінскія тэрыторыі, акупаваныя Расіяй. Там ён адзначыўся як "назіральнік" на арганізаваных расіянамі "рэферэндумах" у 2022 годзе ў Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцях. Гэтыя акцыі праходзілі пад кантролем узброеных расійскіх вайскоўцаў, якія прымушалі мясцовых жыхароў галасаваць.
Пасля гэтага ў Літве Ягелавічуса абвясцілі ў вышук па падазрэнні ў дзейнасці супраць дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.