Перад выбарамі ў Беларусі пройдзе маштабнае сацыялагічнае даследаванне
Пра гэта паведаміў дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід Ротман.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў беларуская дзяржава правядзе маштабнае сацыялагічнае даследаванне. Пра гэта паведаміў дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід Ротман. Па яго словах, якія перадае БелаПАН, "гэта важная праца, бо тут патрэбная аб'ектыўная, дакладная і правільная інфармацыя".
Сацыёлаг адзначыў, што ў год прэзідэнцкіх выбараў праводзіцца як мінімум тры масавыя апытанні насельніцтва па нацыянальнай выбарцы. Пры гэтым улічваюцца і памеры населеных пунктаў, якія адбіраюцца выпадкова, і выпадкова адабраныя раёны ў населеных пунктах, вуліцы, дамы, кватэры, людзі ў кватэрах. Навуковец кажа, што павінна быць не менш за пяць элементаў выпадковасці адбору.
Апытанні праводзяцца прыкладна за паўгода, за два месяцы і за два тыдні да выбараў. Акрамя таго, Ротман спадзяецца, што будуць арганізаваныя экзіт-полы на выхадзе з выбарчых участкаў у дзень выбараў. Гэтыя апытанні, па яго словах, хутчэй за ўсё будуць ладзіць тры-чатыры арганізацыі.
Сацыёлаг паабяцаў, што вынікі даследавання будуць даступныя ў СМІ, а таксама іх дашлюць у амбасады.
Фота — minsknews.by