Прадпрымальнікі: Мы прыкладзем усе свае намаганні для прыпынення вар'яцтва
Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва" 1 лістапада распаўсюдзіла адмысловую заяву.
У ёй НДА выступіла супраць датэрміновага ўвядзення тэхрэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці для індывідуальных прадпрымальнікаў.
Як паведамляла Еўрарадыё, 31 кастрычніка намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пракаповіч заявіў, што індывідуальных прадпрымальнікаў пазбавяць ільготы: з 1 снежня яны павінны будуць прадастаўляць сертыфікат якасці на тавары. Раней планавалася, што гэтая мера будзе ўведзеная з 1 ліпеня 2014 года. Такім чынам, пераходны перыяд раптоўна скараціўся на сем месяцаў.
"Сёння мы можам канстатаваць поўны вакуум і неразуменне не толькі надзённых праблем бізнесу ўладамі, але і дыяметральную супрацьлегласць канструктыўнаму дыялогу з бізнесам выбранага чыноўнікамі курсу, — цытуе заяву "Перспектывы" БелаПАН. — У кароткія тэрміны задушыць айчынны малы бізнес — вось тая задача, якую спрабуюць сёння вырашыць улады. Мы не можам у такіх умовах заставацца пабочнымі назіральнікамі гэтага дэструктыўнага працэсу, які, паводле меркавання ўлад, павінен "быць карысным эканоміцы".
Прадпрымальнікі адзначаюць, што "пакідаюць за сабой права па абароне сваіх інтарэсаў усімі магчымымі законнымі сродкамі". "Перспектыва" папярэджвае чыноўнікаў: "Мы прыкладзем усе свае намаганні для прыпынення вар'яцтва, якое маюць намер учыніць улады на спажывецкім рынку шляхам увядзення тэхнічнага рэгламенту".
Шумчанка: Прадпрымальнікі проста закрыюцца перад Новым годам