Расія прапануе перавесці ваенную вытворчасць з Украіны ў Беларусь
Пра гэта заявіў расійскі пасол у нашай краіне Аляксандр Сурыкаў.
Паводле яго слоў, праз канфлікт ва Украіне Расія вымушаная шукаць іншыя варыянты вытворчасці тысяч найменняў камплектуючых. Адпаведныя прапановы ўжо атрымаў беларускі камітэт па ваеннай прамысловасці, сказаў Сурыкаў.
"І мы не выключаем, што загрузка Баранавіцкага, Аршанскага авіяцыйных заводаў павялічыцца з-за гэтага ўскладнення [з Украінай]", — цытуе словы пасла Расіі РІА "Новости".
Нагадаем, расійскія прадпрыемствы абаронкі актыўна супрацоўнічалі з украінскімі вытворцамі. Апошнія, між іншым, выпускалі рухавікі верталётаў і газатурбінныя ўстаноўкі для караблёў. У сярэдзіне чэрвеня прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка забараніў любое ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Расіяй.
Фота — bymedia.net