Шаркоў: "Карміць сваіх жалезных коняў становіцца ўсё цяжэй"

Напярэдадні Еўрарадыё паразмаўляла з Арцёмам Шарковым, адным з лідэраў аўтамабілістаў, якія праводзяць акцыі пратэсту "Стоп-бензін".

Шаркоў: “Людзі ўчора пасля з’яўлення інфармацыі пра тое, што будуць падвышаны кошты, пачалі казаць аб тым, што неабходна правесці акцыю і нагадаць уладзе, што жыццё становіцца горш. Таму аўтааматары вырашылі правесці акцыю ў фармаце, які быў у чэрвені месяцы. Канкрэтна — выехаць на праспект з розных бакоў і а 19:30 сустрэцца ў цэнтры каля плошчы Перамогі і пачаць выказваць сваё незадавальненне з аварыйкай, з капотамі і г. д”.

Еўрарадыё: Ці не думаеце вы, што нязначнае падвышэнне кошту не стане прычынай, што выедзе шмат аўтааматараў?

Шаркоў: “Такая сітуацыя магчыма, але ў той жа момант хочацца сказаць, што прэзідэнт сказаў, што кошты будуць падвышацца не часцей чым раз на квартал на 2-3%, максімум 4%, што і адбылося. Але сітуацыя ў іншым, калі чэрвеньскае падвышэнне можна было абгрунтаваць, тымі ж дэвальвацыйнымі працэсамі і г. д., то на сённяшні час сам генеральны дэрэктар “Нафтана” казаў, што яго непасрэдна прадпрыемствы выйшлі на рэнтабельную, прыбытковую працу. І за 5 месяцаў атрымалі ў суме прыбытак. 4 месяцы былі ў мінусах, а за кошт пятага выйшлі ў плюс. Значыцца, прадпрыемства могуць працаваць у тых умовах, якія ёсць. Думаю, людзі ўсё ж захочуць выказаць сваю незадаволенасць, бо карміць сваіх жалезных коняў становіцца ўсё цяжэй. Сёння многія адмаўляюцца ад паездак на карысць ежы ці адзення”.

Еўрарадыё: Вяртаючыся да мінулай акцыі, тады некаторыя ўдзельнікі акцыі атрымалі штрафы. Ці атрымалася іх выплаціць?

Шаркоў: “Так, атрымалася ўсім выплаціць штафы. Чатыром мы аплацілі адразу ж. Пяты чалавек вырашыў троху пасудзіцца і даказаць сваю правату, калі ў яго не атрымаецца, то мы аплоцім яму гэты штраф”.

Еўрарадыё: Пляскаць у далоні і ўключаць песню “Пераменаў” Цоя будзе неабавязкова?

Шаркоў: “Канешне, не. Людзі ў дадзенай сітуацыі выказваюць сваю пазіцыю адносна коштаў на паліва”.

Фота — stop-book.ru, za-avto.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі