Сваякі загінулых у маршрутцы ля Смалявічаў хочуць да 100 тыс. рублёў кампенсацыі
Суд у Смалявічах
Суд Смалявіцкага раёна 16 лістапада пачаў разглядаць справу пра кампенсацыю маральнай шкоды сваякам пасажыраў маршруткі, якія загінулі ў трагічнай аварыі пад Смалявічамі сёлета ў лютым.
Памеры каменсацыі, якую патрабуюць сваякі загінулых, вагаюцца ад 10 да 100 тысяч рублёў, піша рэгіянальны сайт smolevichi-24.by. Агулам супраць ААТ "Мінаблаўтатранс" і ПУП "Сінкевіч" пададзена 60 пазоваў.
Паведамляецца, што ў выніку трагеды некаторыя сем’і засталіся без адзінага кармільца. У шэрагу выпадкаў клопат пра дзяцей загінулых узялі на сябе сваякі.
Як распавядала Еўрарадыё, аварыя здарылася 20 лютага. Маршрутка з пасажырамі ўлабавую сутыкнулася з гружаным МАЗам, які выехаў на сустрэчную паласу. Ахвярамі аварыі сталі 13 чалавек, у тым ліку двое дзяцей.
Кіроўцу грузавіка асудзілі на сем гадоў калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.