У Брэсце выступіў аркестр Ваенна-паветраных сілаў ЗША (фота)
7 траўня музыкі далі канцэрт каля сцен Брэсцкай крэпасці.
Аркестр Ваенна-паветраных сілаў ЗША далучыўся да мерапрымстваў святкавання ў Беларусі 70-годдзя Перамогі. 9 траўня ён прыме ўдзел у парадзе ў Мінску, а перад гэтым музыкі пад кіраўніцтвам Майкла Мэнча далі канцэрт у Брэсце.
"Для нас гэта асаблівы дзень (9 траўня — Еўрарадыё), бо мы былі саюзнікамі ў гэтай вайне. Для нас гонар адзначаць гэты дзень у Брэсцкай крэпасці. З падручнікаў гісторыі мы ведаем пра Брэсцкую крэпасць, таму для нас вельмі істотна быць разам з вамі напярэдадні Дня Перамогі", — распавёў дырыжор аркестру падпалкоўнік Майкл Мэнч.
Свой выступ аркестр распачаў з выканання гімнаў ЗША і Беларусі. Асноўную ж праграму склалі класічныя джазавыя і эстрадныя творы. Нягледзячы на дождж, паслухаць замежных гасцёў сабралося некалькі соцень чалавек. Непагадзь не паўплывала на настрой гледачоў — музыкаў яны віталі вельмі цёпла.
Пасля канцэрту старшыня Брэсцкага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук распавёў са сцэны, што ініцыятыва выступу амерыканскіх аркестрантаў належыць часоваму паверанаму ў справах ЗША ў Беларусі Скоту Роланду:
"Калі мы ў студзені сустракаліся з часовым павераным і абмяркоўвалі магчымасць гэтага праекту, здавалася, што гэта — фантастыка, але ў нас усё атрымалася. Атрымалася, бо наша краіна — мірная. Мы хочам сябраваць з усімі. Зараз мы, магчыма, ствараем новую прыгожую традыцыю".
Аляксандар Рагачук таксама дадаў, што разам са Скотам Роландам яны разглядаюць магчымасць прывезці ў Беларусь у наступным годзе аркестр Ваенна-марскіх сілаў ЗША.