У Польшчы беларус асуджаны за шпіянаж на 7 гадоў турмы
На працягу васьмі гадоў ён перадаваў польскім спецслужбам фальшывую інфармацыю і атрымліваў за гэта грошы.
У Польшчы за шпіянаж на 7 гадоў турмы асуджаны беларус Аляксандр Лянюк. На працягу васьмі гадоў (з 1999-га да 2007 года) ён супрацоўнічаў з адной з польскіх спецслужбаў, атрымаў ганарар у памеры 319 тысяч долараў і 18 тысяч еўра. Аднак інфармацыя, якую ён пастаўляў пра "беларускіх агентаў" у органах улады Польшчы і "беларускую шпіёнскую сетку", аказалася фальшывай.
Як інфармуе Польскае радыё, суд прыйшоў да высновы, што дзейнасць беларуса прывяла да "неэфектыўных дзеянняў" супрацоўнікаў польскай спецслужбы. Высветлілася, што Лянюк падрабляў дакументы. Напрыклад, сабе ён зрабіў пасведчанне аб заканчэнні "курсаў спецслужбаў". Палякам ён перадаў і фальшывы спіс "афіцэраў беларускіх спецслужбаў". А тыя працяглы час верылі свайму агенту.
Беларус быў арыштаваны ў 2011 годзе. У канцы траўня апеляцыйны суд Варшавы пакінуў у сіле прысуд акруговага суда па справе шпіёна.
Дарэчы, працэс над Аляксандрам Лянюком не апошні. Неўзабаве пачнецца разгляд справы грамадзяніна Беларусі Юрыя К., якога падазраюць ва ўдзеле ў дзейнасці замежнай выведкі. Яму пагражае да 10 гадоў турмы. Партал tut.by нагадвае, што шэсць гадоў таму ў Польшчы быў асуджаны на 5,5 гады турмы беларускі грамадзянін Сяргей Моніч. Ён, нібыта, за грошы хацеў атрымаць тайную інфармацыю аб польскім міністэрстве замежных спраў.
Фота: Fotolia