У Рыме адбываюцца масавыя пратэсты супраць эканамічнай палітыкі
Тысячы людзей выйшлі ў сераду на вуліцы Рыма, пратэстуючы супраць эканамічнай палітыкі ўладаў Італіі.
На думку пратэстоўцаў, гэтая палітыка прывяла да масавага беспрацоўя і падзення даходаў насельніцтва. У ліку асноўных патрабаванняў мітынгоўцаў — адстаўка ўрада і правядзенне датэрміновых парламенцкіх выбараў, інфармуе ВВС.
У прыватнасці, італьянцы незадаволеныя, што велізарныя сродкі вылучаюцца на будаўніцтва высакахуткасных чыгунак замест таго, каб ісці на выплаты заробкаў і дапамогу маламаёмасным. Дэманстрацыі арганізаваныя рухамі, якія аб'ядноўваюць прадстаўнікоў малога бізнэсу Італіі і выказваюць інтарэсы нізкааплатных работнікаў, студэнтаў і беспрацоўных.
Самыя масавыя акцыі пратэсту прайшлі на мінулым тыдні ў Турыне. Там паліцыя была вымушаная ўжыць слезацечны газ, каб уціхамірыць дэманстрантаў. Былі затрыманыя больш за 50 чалавек, дзясяткі паліцыянтаў атрымалі раненні. Баючыся паўтору сітуацыі ў сталіцы, прэфектура Рыма ўзмацніла меры бяспекі.
Фота — Reuters