Ворсін: Кантракт з Гленам Хэнланам падпісаны на два гады
Зарплата ў вядомага канадскага спецыяліста будзе большай, чым у папярэдняга трэнера Андрэя Скабелкі.
“Напрыканцы мінулага тыдня завяршалася адпрацоўка кантракта. Мы ўзгаднілі ўсе пазіцыі і падпісалі дакумент, ― паведаміў кіраўнік Федэрацыі хакея Яўген Ворсін пра прызначэнне Глена Хэнлана галоўным трэнерам зборнай Беларусі.
Еўрарадыё: На які тэрмін запланавана супрацоўніцтва з канадскім спецыялістам?
Яўген Ворсін: Кантракт падпісаны на два гады з правам пралангацыі яшчэ на год, з улікам выканання пастаўленых задач.
Еўрарадыё: Праходзіла інфармацыя, што зарплата ў Хэнлана будзе такой жа, як у Скабелкі.
Яўген Ворсін: Заробкі розныя. Інфармацыя пра гэта ― заўжды камерцыйная таямніца. Але Скабелка працаваў у нас па кантракце, сумяшчаючы сваю працу з пасадай галоўнага трэнера ХК “Гомель”.
Еўрарадыё: Хэнлан будзе трэніраваць выключна нашу зборную? Сумяшчэнняў не будзе?
Яўген Ворсін: Так, ён падпісаны толькі на зборную каманду.
Еўрарадыё: Як доўга канадскі трэнер павінен знаходзіцца ў Беларусі?
Яўген Ворсін: Гэта пытанне абумоўлена ў кантракце: гэта не менш за 200 дзён цягам года.
Канадцу Глену Хэнлану 56 гадоў. Ён ачольваў беларускую зборную ў 2005-2006, 2008-2009 гадах. Менавіта пад яго кіраўніцтвам беларусы дасягнулі найлепшага выніку на чэмпіянатах свету — шостае месца ў 2006-м. Як вядома, у 2014 годзе хакейны чэмпіянат свету пройдзе ў нашай краіне.
Фота — hokej.pravda.sk