Якаўлеўскі: Перад паездкай у Тбілісі Макей ездзіў раіцца ў Маскву
На гэтую акалічнасць звяртае ўвагу палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў гутарцы з Еўрарадыё.
На думку эксперта, паездка беларускага міністра замежных спраў на сустрэчу ў Тбілісі абмяркоўвалася з расійскім міністрам Сяргеем Лаўровым.
Раман Якаўлеўскі: "Хацеў бы звярнуць увагу, што напярэдадні свайго візіту ў Тбілісі Макей быў у Маскве. У афіцыйнай інфармацыі наконт таго, што яны абмяркоўвалі з калегам Лаўровым, грузінскае пытанне не значылася. Але па неафіцыйных звестках, Макей літаральна раіўся з Лаўровым, ехаць яму ў Тбілісі ці не".
Якаўлеўскі нагадвае, што афіцыйны Мінск доўга маўчаў наконт таго, хто будзе прадстаўляць нашу краіну на сустрэчы ў Тбілісі. Толькі пасля маскоўскага візіту стала вядома, што ў Грузію паедзе Уладзімір Макей.
Пракаментаваў эксперт і звесткі пра магчымую сустрэчу Саакашвілі і Лукашэнкі. На яго думку, нельга выключаць, што Макей павёз нейкія прапановы. Але распаўсюд такой інфармацыі зараз найбольш выгадны менавіта Міхаілу Саакашвілі, які губляе палітычную вагу ў сваёй краіне.
Фота — ria.ru