Якаўлеўскі: Стаўленне Меркель дае надзею на пэўныя перамены ў Беларусі

У саміце Усходняга партнёрства, які прайшоў 29-30 верасня ў Варшаве, удзельнічалі дэлегацыі з 30 дзяржаваў. Іх узначальвалі кіраўнікі краін, па-за адзіным выключэннем – Беларусь у першы дзень прадстаўляў амбасадар у Польшчы Віктар Гайсёнак. На другі ж дзень наша краіна сама адмовілася ўдзельнічаць у саміце. Гэта можна было прадказаць, лічыць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі


Якаўлеўскі: “Я б не казаў, што гэта было нечаканасцю. Гэта было прадказальна, як толькі Сяргей Мартынаў (міністр замежных спраў Беларусі — Еўрарадыё) сказаў, што не будзе ўдзельнічаць пры тых адносінах, якія сёння існуюць паміж Бруселем і афіцыйным Мінскам. Ці варта было чакаць іншага.” 

Але, спрабуючы зрабіць паказальны крок, беларускія ўлады зрабілі горш толькі сабе, мяркуе палітолаг Алесь Лагвінец.


Лагвінец: “Гэта праблема беларускіх уладаў, калі яны не хочуць далучацца да агульнаеўрапейскіх працэсаў. Відавочна, што гэта часткова шкодзіць краіне, але мы ведаем, што грамадзянская супольнасць Беларусі так ці інакш супрацоўнічае з краінамі Еўрапейскага саюзу, ёсць вялікае прызнанне з боку ЕС той ролі, якую адыгрывае сённяшняя беларуская грамадзянская супольнасць. Таксама ёсць прызнанне дэмакратычных сіл Беларусі, як аднаго з суразмоўцаў, бо так ці інакш, дэмакратычныя сілы прадстаўляюць прынамсі частку Беларусі”.

 
Улады Беларусі не выкарысталі шанец на аднаўленне дыялогу з Еўропай, а вось грамадзянская супольнасць зрабіла вялікі крок наперад. Сустрэча беларускіх апазіцыянераў з канцлерам Германіі Ангелай Меркель — гэта бясцэнны досвед, якім не можа пахваліцца нават кіраўнік нашай краіны, лічыць Раман Якаўлеўскі.


Якаўлеўскі: “Наколькі мне вядома, гэтыя паўтары гадзіны, што яна вылучыла беларускай апазіцыі, столькі ўвогуле Лукашэнка за ўсё сваё жыццё не праводзіў з заходнімі лідарамі. Сённяшняе стаўленне Германіі, а не сакрэт, што Германія з’яўляецца лакаматывам ЕС, сведчыць аб вельмі сур’ёзным падыходзе, які нам дае надзею на пэўныя перамены ў Беларусі, але ж калі, гэтага ніхто не ведае”.

 
Беларускае пытанне шматразова ўздымалася падчас сустрэч лідараў еўрапейскіх краін. А тая ўвага, якую нямецкая кіраўніца надала прадстаўнікам беларускай апазіцыі, сведчыць пра тое, што Еўропа не абмяжуецца толькі пустымі словамі, упэўнены палітолаг Алесь Лагвінец. Да таго ж, 29 верасня падчас урачыстай вячэры польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск прапанаваў цэлы антыкрызісны пакет ініцыятыў для Беларусі, якія б дапамаглі выйсці з цяжкага фінансавага становішча. У выпадку іх выканання Беларусь можа разлічваць на 9 мільярдаў еўра. Гэта найперш гранты і крэдыты ад сусветных банкаў.


Лагвінец: “Тыя прапановы, якія былі зробленыя польскім прем’ерам, я думаю, што яны пакуль проста агучаныя. Наўрад ці гэтая ідэя сёння будзе грунтоўна абмяркоўвацца, але, зважаючы на вялікі інтарэс Германіі, сустрэчу канцлера Германіі з прадстаўнікамі беларускіх дэмсіл, можна дапускаць, што гэта не пустыя словы і такая дапамога магчымая пры ўмове адпаведных зменаў у нашай краіне”.


Сярод умоваў, якія польскі бок прапануе паставіць Беларусі, няма патрабавання адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Ёсць умова правядзення дэмакратычных выбараў у парламент, дыялог з апазіцыяй ды вызваленне і поўная рэабілітацыя палітвязянў. Але беларускі бок усё роўна на гэта не пагодзіцца, лічыць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Да таго ж, на яго думку, “план Туска” гэта толькі маркетынгавы ход.


Якаўлеўскі: “Я б да гэтага ставіўся больш рэалістычна, бо план Туска агучваецца за 10 дзён да парламенцкіх выбараў у Польшчы. Я не думаю, што план Туска, пасля такой “шчырай гасціннасці", якая была аказана беларускаму амбасадару і ўвогуле афіцыйнаму беларускаму боку, знойдзе нейкае прывітанне з боку афіцыйнага Мінску”.


Абодва эксперты пагаджаюцца з тым, што нягледзячы на адсутнасць прадстаўнікоў афіцыйнага Мінску на саміце, ні пра беларускіх палітвязняў, ні пра фінансавы крызіс у нашай краіне, у Варшаве не забыліся. У прынятай дэкларацыі саміта Усходняга партнёрства па сітуацыі ў Беларусі кіраўнікі краін Еўрасаюза заклікалі Мінск выпусціць палітвязняў і распачаць дыялог з апазіцыяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі