Януковіч не абяцаў Эштан знайсці выйсце з крызіснай сітуацыі цягам сутак

Словы пра тое, што Віктар Януковіч, нібыта, паабяцаў кіраўніцы еўрапейскай замежнай палітыкі Кэтрын Эштан знайсці выйсце з крызіснай сітуацыі цягам 24 гадзін — памылка перакладу. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-афіцэр Прадстаўніцтва ЕС ва Украіне Давід Стулік:

“Там быў дрэнны пераклад. Насамрэч, яна сказала наступнае: “Я сустрэлася з прэзідэнтам Януковічам два разы цягам апошніх 24 гадзін і пачула шмат тлумачэнняў наконт таго, што трэба зрабіць (каб выйсці з крызіснай сітуацыі — Еўрарадыё). Ніякага ўльтыматуму і абяцання не было. На той сустрэчы быў абмежаваны фармат і пакуль дэталі яе нікому не разгалошваюць”.

Вечарам 11 снежня Кэтрын Эштан выляцела з Кіева ў Брусэль. Там ужо сёння ў яе будзе сустрэча з прэзідэнтам Еўракамісіі Жазэ Мануэлам Барозу і старшынёй Еўрапейскага савета Херманам ван Рампеем. Кэтрын Эштан распавядзе кіраўніцтву ЕС пра ўласныя назіранні за сітуацыяй ва Украіне і свае высновы ад сустрэч з прэзідэнтам Януковічам, трыма экс-прэзідэнтамі Украіны Кучмам, Краўчуком і Юшчанкам, лідарамі апазіцыі і грамадскімі актывістамі Майдана.

Нагадаем, Кэтрын Эштан прыляцела ў Кіеў 10 снежня. У гэты дзень яна правяла перамовы з Віктарам Януковічам, сустрэлася з лідарамі апазіцыі і наведала Майдан. Прадстаўніца Эштан Мая Качыянчыч у сваім twitter напісала, што на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны былі абмеркаваныя "ўсе неабходныя пытанні". Планавалася, што на гэтым візіт і скончыцца. Але ноччу праваахоўнікі пачалі разгон Майдана і Кэтрын Эштан засталася ў Кіеве, каб дабіцца яшчэ адной сустрэчы з Януковічам і атрымаць ад яго тлумачэнні.

Януковіч заклікаў усе палітычныя сілы, уключна з апазіцыяй, да дыялогу
 

Фота — Fotolia
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі