Аўтуховіч: Разановічы далі паказанні пад катаваннямі і магутным ціскам
13 чэрвеня ў гродзенскай турме працягнуўся разгляд гучнай справы "групы Аўтуховіча". Былы "афганец" і прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч у чарговы раз заявіў пра невінаватасць іншых фігурантаў справы. Ён настойвае, што сведчанні супраць сябе гэтыя людзі давалі пад катаваннямі і ціскам.
У прыватнасці Аўтуховіч гаварыў пра сям'ю праваслаўнага святара Сяргея Разановіча. Па справе праходзіць святар, яго жонка і сын, бо ў іх доме ў Брэсце спыняўся Мікалай Аўтуховіч.
"Падаваць гэта так, што мы збіраліся ў гэтым доме для таго, каб будаваць планы па звяржэнні ўлады — гэта глупства, — цытуе словы Аўтуховіча sb.by. — Я адкажу на любыя пытанні, каб зняць усе абвінавачванні з гэтых людзей. Гэтыя людзі не мелі паняцця аб маёй дзейнасці. Ніякай зброі яны не бачылі".
Мікалай Аўтуховіч заявіў, што "ніводнага доказу іх віны ў справе вы не знойдзеце", а "паказанні, якія яны далі ў дачыненні да саміх сябе, былі атрыманы пад катаваннямі і моцным псіхалагічным ціскам" (пазней гэтыя словы з сайта sb.by зніклі).
Раней Любоў Разановіч казала ў судзе, што "следчыя вельмі шмат прыпісалі, чаго не было".
Удзельнікі "групы Аўтуховіча" знаходзяцца за кратамі з канца 2020-га. Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч быў арганізатарам і кіраўніком "злачыннай групоўкі", якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў, стварала схованкі са зброяй, рыхтавала новыя акцыі. Суд у гродзенскай турме пачаўся 18 траўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.