Беларусы-іпэшнікі ў Польшчы маюць права весці бізнес, пакуль чакаюць дакументаў
![Варшава](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2025-01/valentyn-chernetskyi-d7fpbwgqmhy-unsplash.jpg.webp?itok=kTmeAj9t)
Варшава / Unsplash
"У перыяд чакання новага дазволу гэты чалавек не страчвае права на вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці і можа працягваць яе на падставе папярэдняга дазволу/рашэння", — такі адказ атрымала Еўрарадыё з польскага Міністэрства развіцця і тэхналогій з нагоды праблемы, з якой сутыкаюцца беларускія іпэшнікі ў Польшчы.
Раней Еўрарадыё апісала сітуацыю, калі беларусы, падаючыся на падаўжэнне ВНЖ, страчваюць права весці бізнес. Каб не было такой праблемы, іпэшнікі прапануюць памяняць закон.
Па каментар адносна сітуацыі Еўрарадыё звярнулася ў польскае ведамства. І вось што яны адказалі:
"Калі грамадзянін дзяржавы, якая не ўваходзіць у ЕС, вядзе прадпрымальніцкую дзейнасць, што патрабуе ўнясення ў рэестр CEIDG, і падае заяву на новы дазвол на знаходжанне ў сувязі з заканчэннем папярэдняга (на падставе якога была зарэгістраваная прадпрымальніцкая дзейнасць), ён/яна можа працягваць сваю дзейнасць.
Умовай з'яўляецца падача адпаведнай заявы ў кампетэнтнае ваяводскае ўпраўленне да заканчэння тэрміну дзеяння дазволу/рашэння і атрыманне ў пашпарце штампа. Права на вядзенне дзейнасці захоўваецца да атрымання новага рашэння/дазволу на знаходжанне.
У перыяд чакання новага дазволу чалавек не страчвае права на вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці і можа працягваць яе на падставе папярэдняга дазволу/рашэння".
Атрымліваецца, што беларусы і падчас чакання новага ВНЖ могуць далей весці бізнес. У выпадку ж яго закрыцця падстава для падаўжэння "карты побыту" знікне.
Таксама Міністэрства развіцця і тэхналогій адзначыла, што не плануе ўносіць змены ў закон пра правілы ўдзелу замежных прадпрымальнікаў і іншых замежных асоб у гаспадарчым абароце на тэрыторыі Польшчы ў гэтым аспекце і не атрымлівала сігналаў пра наяўнасць такой "шэрай зоны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.