Чаму беларусы пагаджаюцца на стабільнасць?
1 кастрычніка ў Вільні эксперты абмеркавалі апошнія сацыялагічныя апытанні ў Беларусі. Еўрарадыё вяло прамую відэатрансляцыю дыскусіі.
Дыскусія сацыёлагаў на тэму “Што думаюць беларусы?” праходзіла 1 кастрычніка ў Вільні з 16.30 да 18.30. На ёй прадставілі звесткі з апошніх апытанняў грамадскага меркавання Беларусі. Гэта дыскусія адбывалася ў трэці раз. Яе арганізатарам выступіў Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы (EESC, Літва) сумесна з Беларускім даследчым саветам (BRC).
Сёлетняе даследаванне — "Сацыяльныя кантракты ў сучаснай Беларусі". Яно прысвечана вывучэнню "дамовы" паміж рознымі сацыяльнымі групамі ў Беларусі і дзяржавай, каб растлумачыць прычыны сацыяльнай і палітычнай стабільнасці ў краіне.
У ходзе першага этапу даследавання Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) у 2008-2009 гг. былі выяўлены ўмовы, якія забяспечваюць згоду беларусаў з існуючым палітычным рэжымам і ўваходзяць у няпісаны “сацыяльны кантракт” паміж дзяржавай і грамадзянамі. З таго часу грамадства і ўлада перажылі сур'ёзны палітычны і эканамічны крызісы, якія паўплывалі і на нефармальны “сацыяльны кантракт”.
У 2013 годзе BISS, грунтуючыся на выніках нацыянальнага апытання і фокус-груп, прапануе працяг гэтага даследавання, што дасць магчымасць зразумець дынаміку “сацыяльнага кантракту” ў Беларусі.
Асноўным спікерам на дыскусіі выступіла прадстаўніца BISS Алена Арцёменка. Сярод удзельнікаў — Ірына Тачыцкая (Цэнтр Інстытута прыватызацыі і менеджмента) і Аляксандр Сасноў (Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў).