Галоўная праблема "байнэта" — "рунэт"?

Кірыл Валошын, намеснік дырэктара партала TUT.by, кажа што асноўныя праблемы з коштам і доступам у інтэрнэт для Беларусі ўжо амаль вырашаныя. Сёння ўвайсці ў інтэрнэт можна з мабільніка, праз 3G, набыць анлім можна за 20 баксаў. Праўда для хосцераў шмат праблем прынёс 60-ы ўказ, з-за якога давялося наймаць шмат новых супрацоўнікаў, каб яны рэгістравалі сайты.
Дарэчы, сёння дырэктар і заснавальнік TUT.by Юрый Зісер адзначыў, што пакуль зарэгістраваць атрымалася толькі дзве траціны сайтаў. Іншыя, асабліва ўладальнікі прыватных сайтаў, проста адмаўляюцца рэгістравацца. Але неўзабаве, па словах Зісера, павінна з'явіцца адказнасць, магчыма нават крымінальная. Чакаюцца папраўкі ў адміністратыўны кодэкс.
Высвятляецца, што ў Беларусі цяжка з развіццём сваіх уласных інтэрнэт-праектаў. Беларускія карыстальнікі проста збягаюць на расійскія сервісы. Напрыклад, у Казахстане, дзе шмат сайтаў рускамоўных, таксама такая праблема існуе, але казахі больш нацыянальна арыянтаваныя за беларусаў, кажа Кірыл Валошын
"Беларускі інтэрнэт, як і жыхары Беларусі, вельмі арыентаваны на Расію. Бо няма моўных перашкодаў. Выкарыстанне расійскіх сервісаў і сайтаў максімальна спрошчанае для беларусаў. Гэта ўскладняе жыццё беларускім праектам. Яны могуць канкурыраваць толькі лакальным кантэнтам, якога няма ў расійскіх і глабальных гульцоў".
Дырэктар Геміус у Беларусі Міхаіл Дарашэвіч кажа, што беларускі інтэрнэт адрознівае ад іншых хуткія тэмпы развіцця, але пакуль у нас мала рэкламных грошай, таму беларускім сайтам цяжка канкурыраваць з тымі ж расійскімі.
"Развіваецца ён імгненна ў параўнанні з мінулым годам. Колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў павялічылася амаль на 10%. Беларускім кантэнт-праектам даводзіцца канкурыраваць з расійскімі і ўкраінскімі. Хацелася, каб яны развіваліся лепш, іх было больш і яны былі больш якаснымі. Мала інтэрнэт-рэкламных грошай у беларускім інтэрнэце. Гэта не дазваляе развіваць якасны айчынны кантэнт. Карыстальнік сам выбірае, што наведваць. І калі яго не будзе задавальняць сервіс на беларускіх рэсурах, то, зразумела, ён будзе сыходзіць на міжнародныя".
А вось на думку дырэктара кампаніі "Пяты тэрмінал" Кірыла Голуба ў беларускім інтэрнэце мала інтэлектуалаў. 
"Калі параўнаць Байнэт з Рунэтам, то ў нас дзіўная сумесь інтэлегентнасці і сіметрычна недахопам інтэлегентнасці і адукацыі. Рунэт, ён больш аднародны, а мы размяжоўваемся на інтэлектуалаў і неінтэлектуалаў".
Прычым апошніх становіцца ўсё больш, кажа кіраўнік адукацыйнага аддзела кампаніі EPAM Юрый Шылаеў.
"Спачатку прыйшлі людзі інтэлектуальныя і забяспечаныя ў інтэрнэт. І нам здавалася, што інтэрнэт — такое цікавае асяроддзе, дзе шмат цікавых людзей і ведаў. А зараз, чым больш даступным становіцца інтэрнэт, туды прыходзяць людзі, якім не патрэбныя веды. Тая ж самая зомба-скрыня, простыя гульні, нейкія смешныя ролікі".


 
А вось, што турбуе карыстальнікаў беларускага інтэрнэта-удзельнікаў канферэнцыі слухайце ў далучаным файле:
 
Першы дзень канферэнцыі завершыцца ў нефармальнай абстаноўцы, арганізатары абяцаюць салют, піва і чыпсы.

Фота — Еўрарадыё, Тэлеграф

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі