Хакейнай зборнай Беларусі дастаткова не прайграць Нарвегіі ў асноўны час
Для гарантаванага выхаду ў 1/4 фіналу чэмпіянату свету беларусам трэба ўзяць адно ачко.
У аўторак, 12 траўня, хакейная зборная Беларусі пазмагаецца за выхад у 1/4 фіналу чэмпіянату свету. Наша каманда сустрэнецца са зборнай Нарвегіі, пачатак у 13.15 (жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 1"). Беларусам трэба ўзяць, як мінімум, адно ачко, каб заняць чацвёртае месца ў групе і не чакаць выніку гульні ЗША — Славакія. У такім выпадку ў чвэрцьфінале зборная Беларусі сустрэнецца з Канадай. Пры роўнасці ачкоў у зборных Беларусі і Славакіі перавагу атрымае апошняя, паколькі яна абыграла беларусаў.
Умовы, пры якіх Беларусь трапляе ў чвэрцьфінал:
- перамагае нарвежцаў;
- саступае нарвежцам, але не ў асноўны час, а толькі ў авертайме ці па булітах;
- саступае нарвежцам у асноўны час, але зборная Славакіі ў матчы з ЗША (гуляюць сёння ў 17.45) не набірае 3 ачкі (саступае камандзе ЗША ці выйграе ў амерыканцаў, але не ў асноўны час, а ў овертайме ці па булітах).
Нагадаем, учора зборная Беларусі па булітах прайграла камандзе Фінляндыі — 2:3.
Становішча каманд у групе "В" наступнае: 1. ЗША — 15 ачкоў, 2. Расія — 14, 3. Фінляндыя — 14, 4. Беларусь — 11, 5. Славакія — 8, 6. Нарвегія — 5, 7. Данія — 4, 8. Славенія — 0.
Фота: ria.ru