Кардынал Паралін у Чырвоным касцёле цытаваў вершы Рыгора Барадуліна
Гэта адбылося на Міждыяцэзіяльным велікапосным чуванні ў ноч з 14 на 15 сакавіка.
У ноч з 14 на 15 сакавіка ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены каталіцкая моладзь сабралася на Міждыяцэзіяльнае велікапоснае чуванне. У ім прыняў удзел і дзяржаўны сакратар Папы Францішка кардынал П'етра Паралін.
Як піша сайт Рыма-каталіцкага касцёлу ў Беларусі, моладзь ад кожнай з дыяцэзій зладзіла для высокага госця прэзентацыі свайго хрысціянскага жыцця.
Падчас сваёй прамовы кардынал Паралін згадаў творчасць паэта Рыгора Барадуліна і сказаў, што яго моцна ўзрушыў глыбокі рэлігійны змест некаторых вершаў беларускага паэта. Ён згадаў, што менавіта Чырвонаму касцёлу Барадулін прысвяціў свой верш з такімі радкамі:
З Чырвоным касцёлам на "ты"
Вятры,
Што лятуць з Бэтлеему.
Таксама кардынал папрасіў моладзь прыгадаць мучанікаў сваёй краіны, сярод якіх, магчыма, іх бабулі і дзядулі, якія змагаліся за захаванне веры.
П'етра Паралін: Беларускія каталікі заслугоўваюць прыезду Папы Рымскага
Фота — catholic.by