Трэнер зборнай Латвіі: У гонар суддзі трэба назваць у Беларусі вуліцу
На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер зборнай Латвіі Тэд Нолан выказаў прэтэнзіі да працы суддзяў.
"Віншую беларусаў з добрай гульнёй. Ні ў якім разе не хачу выказваць непавагу саперніку, але я вельмі хачу паглядзець паўтор нашай другой шайбы і пераканацца, наколькі правільна яна была адменена. З маёй пазіцыі гэта быў чысты гол. Па-мойму, у гонар гэтага арбітра трэба назваць у Беларусі вуліцу. Паўтаруся: ніякіх прэтэнзій да саперніка. Толькі да суддзяў", — цытуе Нолана by.tribuna.com.
На пытанне журналістаў, якое тлумачэнне ад суддзяў атрымаў трэнер пасля адмены гола, Нолан адказаў:
"Ніякага. Наогул! Гэта вельмі дзіўна. Тым больш на чэмпіянаце свету. Гэта простая павага да гульні: хаця б паглядзець паўтор такога спрэчнага моманту на апошняй хвіліне, думаю, можна было. Але арбітры паступілі проста. Як быццам пстрыкнулі пальцамі — і ўсё вырашылі. Лічу, гэта непавага да каманд, да гульні. Але я не скарджуся. Маем тое, што маем".
У сваю чаргу трэнер зборнай Беларусі Глен Хэнлан не стаў каментаваць дзеянні арбітраў.
"Не хацеў бы каментаваць арбітраў і судзейства. Гэта не мая кампетэнцыя. Наогул, арбітры на чэмпіянат свету адбіраюцца з усяго свету. Я выдатна разумею эмоцыі Тэда. Але не хацеў бы нічога каментаваць".
Нагадаем, зборная Беларусі перамагла Латвію з лікам 3:1 і датэрмінова выйшла ў чвэрцьфінал. За 36 секунд да канца сустрэчы пры ліку 2:1 на карысць беларусаў арбітры не залічылі гол форварда зборнай Латвіі Каспарса Даўгавіньша. Суддзі спаслаліся на тое, што ў гэты момант Гінтс Мэя знаходзіўся ў плошчы варот.