Турэцкая паліцыя выціснула мітынгоўцаў з плошчы Таксім (фота, відэа)

На 12-ы дзень пратэстаў стамбульскую плошчу Таксім зачысціў спецназ. Мітынгоўцаў, якія пратэстуюць супраць палітыкі турэцкага прэм'ера Таіпа Эрдагана, выціснулі з плошчы ў парк Гезі. Шмат хто з удзельнікаў акцыі пакінуў Таксім.

 

Мітынгоўцаў травілі слезацечным газам, супраць іх ужылі вадамёты і гумавыя кулі. Але намётавае мястэчка, што стаіць у парку, спецназаўцы не чапалі.

Губернатар Стамбула Хюсэйн Авін Мутлу заявіў, што мэтай паліцыі было прыбраць плакаты і сцягі са статуі Кемаля Атацюрка і Культурнага цэнтра імя Атацюрка. “Іншых мэтаў у нас няма, парк Гезі і плошча Таксім застануцца некранутымі”, — цытуе Твітар палітыка BBC.

Шматтысячныя пратэсты пачаліся ў Турцыі ноччу на 1 чэрвеня. Людзі выйшлі на вуліцы Стамбула, калі даведаліся, што ўлады збіраюцца пабудаваць мячэць і гандлёва-забаўляльны комплекс на месцы парка Гезі, статуі Кемаля Атацюрка і Культурнага цэнтра яго імя. Неўзабаве выступленні супраць ісламізацыі Турцыі, якую праводзіць Таіп Эрдаган і Партыя справядлівасці і развіцця, што знаходзіцца ля ўлады, пачаліся ў Анкары, у Анталіі і іншых буйных гарадах.

За 12 дзён пратэстаў чатыры чалавека загінулі, больш за пяць тысяч атрымалі раненні. Сотні ўдзельнікаў акцыі былі арыштаваныя.

Фота: Guardian, Independent, BBC.

Кампіляцыя відэа: Reuters, CNN.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі