У Беларусі працягваюцца затрыманні за каментары пра тэракт у Расіі
Затрыманне гродзенскага прадпрымальніка
У Гродне сілавікі затрымалі мясцовага прадпрымальніка за каментар пра тэракт у падмаскоўнм клубе "Крокус Сіці Хол", пішуць праваабаронцы "Вясны".
Пад навіной пра тэракт ён напісаў: "Усё часцей у РФ прылятае "ответка". Сілавікі палічылі гэта за "здзек з ахвяраў тэракту". Акрамя таго затрыманага гродзенца абвінавацілі ў абразах Лукашэнкі, сілавікоў і закліках да ўкраінцаў бамбіць рускія гарады ў адказ.
Таксама праваабаронцы паведамляюць, што сілавікі прыйшлі да беларускі, якая спытала ў каментарах, чаму пасля тэракту пад Масквой у Беларусі адмянілі мерапрыемствы, а калі Расія бамбіць украінцаў — не адмяняюць.
Яе каментар набраў пад сотню падабаек. Сілавікі паспрабавалі запісаць з ёй "пакаяльнае відэа", але дзяўчына паўтарыла сваё пытанне і на гэтым відэазапісе. Ці затрымалі яе — невядома.
Раней Еўрарадыё паведамляла пра затрыманне мужчыны за каментар "Разанскі цукар". За каментары пра тэракт у падмаскоўным клубе затрымалі таксама жыхара Шчучына і тыктокерку з Мінска Жанну Лаўрову.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.