Украіна ня верыць у дыягназ, пастаўлены баранавіцкім свінням
Наша паўднёвая суседка не спяшаецца здымаць забарону на ўвоз беларускай свініны.
Прэс-сакратар Дзяржаўнай ветэрынарнай і фітасанітарнай службы Украіны Анатоль Асадчы паведаміў газеце "Іntex-press", што ўкраінскія ўлады сумняваюцца ў афіцыйна абвешчаным дыягназе.
Нагадаем, што Украіна ўвяла забарону на ўвоз беларускай свініны 7 траўня. Тады ў СМІ з'явілася інфармацыя, што на свінакомплексе "Усходні" зафіксаваны масавая гібель свінняў. Было падазрэнне на ўспышку афрыканскай чумы свінняў у Беларусі.
Літаральна праз некалькі гадзін пасля ўвядзення гэтай забароны Міністэрства сельскай гаспадаркі агучыла афіцыйны дыягназ рэпрадуктыўна-рэспіраторны сіндром. Ён быў пацверджаны ў незалежнай расійскай лабараторыі. Ветэрынары кажуць, што хвароба не лічыцца небяспечнай для здароўя чалавека. Свінняў, як сцвярджае кіраўніцтва комплексу, паспяхова лечаць або перапрацоўваюць на кансервы і каўбасы.
Некаторыя спецыялісты не выключаюць, што ўкраінская забарона на беларускую свініну — гэта адказ на адпаведны нядопуск украінскіх цукерак на беларускі рынак. Праўда, літаральна ў пятніцу, 24 траўня, з'явілася інфармацыя, што перашкоды для ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў знятыя. Ці паўплывае гэта на беларуска-ўкраінскую "свіную вайну", можна будзе пабачыць неўзабаве.
Фота — intex-press.by