Беларускі баксёр Хаміцкі накаўтаваў непераможнага брытанца Этчыса

40-гадовы баксёр з Беларусі Сяргей Хаміцкі заваяваў пояс Інтэркантынентальнага чэмпіёна IBF і вярнуўся на вяршыню сусветнага бокса. Гэта адбылося пасля яго перамогі над брытанцам Адамам Этчысам.

Этчыс з’яўляецца адным з самых камерцыйна выгадных баксёраў Брытаніі і збірае часам на свае паядынкі аўдыторыю не менш, чым сярэдняя футбольная каманда Прэм’ер-лігі. Перад боем з Сяргеем “Прывідам” Хаміцкім ён заявіў, што арганізуе свой 16-ы накаўт у кар’еры.

У суботу, 28 сакавіка, у Шэфілдзе чэмпіёнскі бой, здавалася, складаўся па сцэнары брытанскага накаўцёра. Але ў чацвёртым раўндзе беларус, як кажуць, падлавіў Этчыса і накаўтаваў жорсткім правым прамым. І каментатары тэлеканала Sky Sports 1, і брытанская публіка былі шакаваныя такой развязкай.

Інтэркантынентальны пояс IBF, які заваяваў Хаміцкі, з’яўляецца надзвычай прэстыжным. Вышэй — толькі пояс чэмпіёна планеты ў гэтай жа версіі. Перамога вярнула беларускага баксёра на вяршыні сусветнага бокса.

Да такога ўзроўню Сяргей ідзе больш за 20 год. Ён неаднаразова сыходзіў з боксу, але прымаў рашэнні вяртацца. Хаміцкі сустракаўся бадай з усімі топавымі баксёрамі ў сярэдняй вагавай катэгорыі. Часам беларус закатваў цудоўныя баі, але перамогі на чужой тэрыторыі спрэчна аддавалі сапернікам.

Год таму беларус стварыў першую гучную сенсацыю, накаўтаваўшы ў Брытаніі мясцовую зорку Фрэнка Бугліёні. Пасля гэтага ён сустракаўся з экс-чэмпіёнам свету Робертам Шцігліцам. Калі Хаміцкі зрабіў зорнаму немцу накдаўн, то рэферы нечакана спыніў паядынак, матываваўшы гэта адклеенымі тэйпамі на руках у беларуса. Нашаму байцу залічылі кур’ёзны тэхнічны накаўт.

Цяпер Сяргей Хаміцкі вярнуўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі