У Пружанах праходзіць чарговы суд над палітвязнем Рубцовым (фота)
Яго абвінавачваюць "ва ўхіленні ад адбыцця пакарання".
Раніцай 27 траўня ў Пружанскім раённым судзе пачаўся працэс над палітвязнем Юрыем Рубцовым. Яго абвінавачваюць "ва ўхіленні ад адбыцця пакарання". Рубцоў адбывае 1,5 года "хіміі" ў спецкамендатуры ў вёсцы Куплін (Пружанскі раён). Калі будзе даказана, што ён вінаваты ў адмове ад працы, якую яму прапаноўвалі, палітвязню пагражаюць дадатковыя 3 гады калоніі.
У пачатку красавіка Юрыя Рубцова змясцілі ў следчы ізалятар, дзе ён абвяшчаў галадоўку. У зале суда ён з'явіўся без майкі, за што атрымаў заўвагу ад суддзі. Сёння палітвязень выглядае змучаным. Ён папрасіў дазволіць весці аўдыёзапіс працэсу, дазвол далі. А вось фота і відэа рабіць нельга.
Рубцоў у судзе сказаў наступнае: "Не лічу сабе вінаватым! Загаду працаваць не было — мне прапанавалі! Ад прапановы я маю права адмовіцца, таму і адмовіўся працаваць".
Сведкі — прадстаўнікі адміністрацыі папраўчай установы — заявілі, што Рубцоў адмовіўся працаваць на прапанаваных прадпрыемствах з-за нізкага заробку (4-5 млн рублёў), бо ён меншы за сярэдні па краіне. Сярэдні заробак па Пружанскім раёне, па словах аднаго са сведкаў, складае 4,8 млн. Рубцоў не адмовіў таго, што сапраўды запатрабаваў годнага заробку, але яго адмова ад працы не была катэгарычнай.
Нагадаем, Юрыя Рубцова асудзілі на "хімію" восенню мінулага года за абразу суддзі. Ён удзельнічаў у шэсці ў Мінску на ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы, ішоў у майцы з надпісам "Лукашэнка сыходзь". Рубцова затрымалі, у суд яго прывезлі ўжо без майкі. Калі суддзя Кірыл Палулех пагадзіўся яго судзіць у такім выглядзе, мужчына назваў яго словам, якое суддзя палічыў абразай.
Фота Еўрарадыё і Fotolia