Украінская кампанія — беларусам: Пастаўкі пераносяцца, бо ў нас рэвалюцыя
Наступствы ўкраінскага Еўрамайдана адбіліся і на беларускіх прадпрыемствах.
Пра адзін з такіх выпадкаў паведаміў у сваім фэйсбуку супрацоўнік Магілёўскага інструментальнага завода Сяргей Лапуцін. Украінская кампанія даслала ліст, у якім гаворыць, што паводле дамовы бакі вызваляюцца ад адказнасці пры падзеях надзвычайнага характару. У іх ліку называюцца забастоўкі, ваенныя дзеянні, рэвалюцыі.
"Такім чынам, наша арганізацыя не можа ажыццявіць пастаўку на ваш адрас раней аплочанай прадукцыі ў сувязі з адсутнасцю работнікаў, якія на гэты момант удзельнічаюць у рэвалюцыі ў нашай краіне. Спадзяемся на разуменне і далейшае супрацоўніцтва", — гаворыцца ў лісце.
У каментары Еўрарадыё Сяргей Лапуцін пацвердзіў праўдзівасць гэтай гісторыі. Па яго словах, украінскія партнёры своечасова не паставілі ў Магілёў камплектуючыя. Аднак ніякіх прэтэнзіяў магілёўцы не маюць і ставяцца да сітуацыі з разуменнем:
Лапуцін: "Ну, вядома, з поўным разуменнем... Мы ж разумеем, сочым за сітуацыяй! Не, мы нічога не будзем ім выстаўляць. Мы ўсё разумеем. Да таго, ж, не адзін год з імі супрацоўнічаем".