Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі асудзіла смяротнае пакаранне ў Беларусі
Кэтрын Эштан "рашуча асудзіла" прывядзенне ў выкананне ў нашай краіне смяротнага прысуду 23-гадоваму Паўлу Селюну.
Нагадаем, яго прызналі вінаватым у забойстве двух чалавек "з асаблівай жорсткасцю". Нядаўна стала вядома, што Селюна расстралялі.
"Вярхоўная прадстаўніца ўсведамляе сур'ёзнасць злачынстваў, за якія ён [Сялюн] быў асуджаны. Аднак яна не лічыць, што смяротная кара можа быць калі-небудзь апраўдана. Еўрапейскі саюз выступае супраць смяротнай кары пры любых акалічнасцях", — гаворыцца ў заяве Эштан.
Кэтрын Эштан патрабуе, каб Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая па-ранейшаму прымяняе смяротную кару, — далучылася да сусветнага мараторыя як да першага кроку на шляху яе поўнай адмены.
Фота — AFP